Трэнер Надзеі Астапчук: Змяню прозвішча Яфімаў на Ідыёта | СПОРТ.TUT.BY

Фото с сайта klbviktoria.com
Фото с сайта klbviktoria.com
На прэс-канферэнцыі па “справе Астапчук” было паведамлена, што “дагістарычны” допінг быў падсыпаны ў ежу Надзеі Астапчук падчас трэніровачных збораў. А зрабіў гэта… сам трэнер спартсменкі Аляксандр Яфімаў. 
 
Выходзіць, паважаны беларускі трэнер з глузду з’ехаў! Падсыпаў Надзеі допінг, ад якога не было практычнага сэнсу. 
 
Журналіст Еўрарадыё быў у Раўбічах, дзе нібыта падсыпалі допінг, і зразумеў: падсыпаць “парашок” у ежу спартсменкі без яе ведама там няпроста.
 
Дзе зараз увогуле трэнер Аляксандр Яфімаў? Няўпэўнена тэлефануем яму, бо, можа быць, чалавека ўжо затрымалі праваахоўныя органы. 
 
Аляксандр Яфімаў: Не чытайце ў інтэрнэце і не глядзіце газет! Але я пакуль ад каментарыяў устрымаюся, — адказвае трэнер на тэлефанаванне. 
 
Еўрарадыё: Аляксандр Мікалаевіч, напісалі, што вы сказалі, вы прызналіся…
 
Аляксандр Яфімаў: Ага… (саркастычным тонам. — Еўрарадыё)
 
Еўрарадыё: …не быў упэўнены ў выніку, таму падсыпаў.
 
Аляксандр Яфімаў: Я змяню прозвішча, Яфімаў на Ідыёта. Больш пакуль каментаваць не буду. 
 
Еўрарадыё: Вы адмаўляеце, што самі падсыпалі допінг? Гэта няпраўду напісалі? 
 
Аляксандр Яфімаў: Я ж не кажу, што адмаўляю. Я кажу, што проста змяню прозвішча. А больш пакуль каментаваць не буду. Вось дачакаемся рашэння Міжнароднай федэрацыі, а потым будзем каментаваць. Потым я скажу, што я казаў, а што я не казаў… 
 
Раней Аляксандр Ванхадла, які выступаў на прэс-канферэнцыі па “справе Астапчук”, сам тлумачыў, што выкарыстоўваць такі допінг “не мела ніякага сэнсу”. Версія, што допінг трапіў у арганізм Астапчук не па яе волі, і сёння падаецца найбольш праўдападобнай. 
 
Тэлефануем самой Надзеі Астапчук і пытаемся, ці ведае яна нешта пра прызнанні свайго трэнера і ці казаў трэнер падобнае.
 
Надзея Астапчук: “Я яшчэ не ў курсе ўсяго гэтага. Я была не ў Мінску. Толькі вось зараз дадому вяртаюся…”
 
Сама Надзея Астапчук удзелу ў прэс-канферэнцыі не брала. Не было там і трэнера. Складаецца ўражанне, што штурхальніца ядра і яе настаўнік прымаюць удзел у спектаклі. Праўда, калі ў выніку апынецца, што допінг Астапчук падсыпалі, то яна будзе дыскваліфікаваная толькі на год і зможа выступіць на наступных Гульнях. Трэнер пры такім раскладзе застанецца без працы на чатыры гады.
 
Рабіце высновы самі.

9/11/2012 4:00:24 PM

Раздел: Спорт

  • Дмитрий Мелеш
  • 965
Комментарии Кто голосовал?

Количество комментариев: 0

Здесь пока что нет комментариев